ІНТЭГРАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, інтэгратар,
вылічальная прылада для вызначэння інтэграла па дзвюх уваходных велічынях. Бывае аналагавае і лічбавае; мех. (гл. Планіметр), гідраўл., эл. і інш. Выкарыстоўваецца пры рашэнні матэм. задач, мадэліраванні фіз. працэсаў і інш. як самастойная прылада і як састаўная частка інтэрпалятараў, выліч. машын, сістэм аўтам. рэгулявання.
Уваходнымі пераменнымі І.п. бываюць мех. перамяшчэнне, ціск, эл. ток (ці напружанне), колькасць імпульсаў, т-ра і інш. У гідраўлічных І.п (выкарыстоўваюцца пры вывучэнні неўсталяваных працэсаў цеплаперадачы, фільтрацыі, дыфузіі) даследаваныя пераменныя велічыні (у т. л. выходныя) адлюстроўваюцца ўзроўнямі вадкасці ў пасудзінах, злучаных паміж сабою трубкамі з зададзенымі гідраўл. супраціўленнямі. Асн. элементам электронных І.п. неперарыўнага дзеяння (аналагавых) з’яўляецца ал. кандэнсатар, напружанне на якім прапарцыянальнае інтэгралу ад сілы току праз яго. Такія І.п. ўваходзяць у склад аналагавых выліч. машын. Інфармацыя ў лічбавых І.п. выяўляецца ў выглядзе пэўнага ліку эл. імпульсаў, і інтэграванне выконваецца як падсумаванне гэтых імпульсаў.
М.П.Савік.
т. 7, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)